Фэст экскурсаводаў — гэта

Фэст экскурсаводаў 

«Фэст Экскурсаводаў» — гэта акцыя, якая была прыдумана ў 2008 г. у коле некалькіх грамадскіх арганізацый і краязнаўчых гурткоў горада Мінска.

Галоўная ідэя мерапрыемства — прыцягненне ўвагі людзей да тых гістарычных помнікаў, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень. Сярэднестатыстычны жыхар Беларусі перакананы, што ў ягоным рэгіёне няма нічога цікавага. Нясумна ў Нясвіжы, цікава ў Польшчы, захапляльна ў Парыжы, а вось у ягонай вёсцы, мястэчку, мікрараёне — нецікава.

А між тым, архітэктурная і культурная спадчына краіны — гэта не толькі Мір і Нясвіж. Гэта сукупнасць усіх тых камянёў-следавікоў, прыдарожных каплічак, шляхецкіх сядзібак і магнацкіх палацаў, цэркваў, касцёлаў, будынкаў сінагог, млыноў, бровараў, паркаў і помнікаў палеглым жаўнерам, якія шчыльна запаўняюць усю тэрыторыю Беларусі.

Нецікавасць да гэтых, часта занядбаных і візуальна няяркіх, аб’ектаў мінулага вядзе да іх запусцення і знікнення. Бо калі мясцовы жыхар не цікавіцца сваёй спадчынай, то чаму яна павінна быць цікавая каму-небудзь яшчэ.

Вось такія меркаванні падштурхнулі арганізатараў да выбару фармата «Фэста» — правядзення шматлікіх бясплатных экскурсій у розных рэгіёнах Беларусі, і што важна, для саміх жыхароў гэтых рэгіёнаў.

З цягам часу да нас далучаюцца новыя людзі — гісторыкі, экскурсаводы, краязнаўцы, ініцыятыўныя актывісты ў рэгіёнах. Колькасць экскурсій расце з кожным годам. Найбольш іх праводзіцца ў Мінску. У 2011 г. за 2 дні ў сталіцы прайшло 30 экскурсій, прычым амаль усе — па ўнікальных і незвычайных маршрутах.

Штогод «Фэст» прымяркоўваецца да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які святкуецца па рашэнні ЮНЭСКА, 18 красавіка.

Мы спадзяемся, што «Фэст экскурсаводаў» дапамагае «пасябраваць» людзей з акаляючымі іх аскепкамі мінулага і такім чынам захаваць ад разбурэння і занядбання.